КАРЛ V (Karl V; 24.2.1500, г. Гент, Бельгія — 21.9.1558),
прынц Нідэрландаў [1506—55], герцаг Бургундыі (з 1515), кароль Іспаніі [Карл 1; 1516—56], кароль Сіцыліі [Карл IV; 1516—56], герм. кароль [1519—56] і імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» [1530—56], палкаводзец. З дынастыі Габсбургаў. Сын нідэрл. прынца Філіпа Прыгожага, унук Максіміляна I. Выхоўваўся ў Нідэрландах. Атрымаў у спадчыну ад бацькі Бургундыю і Нідэрланды (1506), ад дзеда па мацярынскай лініі Фердынанда II Арагонскага (Фердынанда V Католіка) ісп. прастол (1516). 28.6.1519 выбраны герм. каралём. У знешняй палітыцы паспяхова сапернічаў з франц. каралём Францыскам I за панаванне ў Італіі (гл. Італьянскія войны; пасля адной з іх у 1530 каранаваны як імператар), садзейнічаў спыненню прасоўвання туркаў у Еўропу (у 1529 дайшлі да Вены), здзейсніў паспяховы ваен. паход у Туніс (1535) і няўдалы ў Алжыр (1541), у час яго праўлення канкістадорамі заваяваны Мексіка (1521) і Перу (1533), што паклала пачатак стварэнню ісп. калан. імперыі ў Амерыцы; імкнуўся да стварэння сусв. імперыі Габсбургаў. Ва ўнутр. палітыцы праследаваў пратэстантаў (гл. Вормскі эдыкт 1521), аднак у выніку свайго паражэння ў т. зв. Шмалькальдзенскіх войнах (1552) і пасля заключэння Аўгсбургскага рэлігійнага міру 1555 адрокся ад улады ў Нідэрландах (1555), Іспаніі і Сіцыліі (1556) на карысць сына Філіпа II, а ў імперыі (1556) — брата Фердынанда I.
т. 8, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)